МІ́НСКІ СТАНКАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д ІМЯ́ КАСТРЫ́ЧНІЦКАЙ РЭВАЛЮ́ЦЫІ.

Засн. 8.8.1908 у Мінску як чыгуналіцейны з-д «Гігант». З 1912 з-д «Энергія» (працавалі 63 чал.). У 1921 вырабляў дробныя хатнія рэчы, у 1923 пабудаваны мех. цэх. У 1927 выраблены першыя такарныя і пачалося асваенне вертыкальна-свідравальных станкоў. У Вял. Айч. вайну на з-дзе дзейнічалі групы Мінскага патрыятычнага падполля. У 1948—57 на з-дзе асвоена 28 мадэлей цяжкіх універсальных падоўжна-апрацоўчых і 10 мадэлей спец. станкоў. У 1975 наладжаны выпуск шматаперацыйных фрэзерна-расточных станкоў з лічбавым кіраваннем. З 1996 Дзярж. прадпрыемства МЗОР. Асн. прадукцыя (1999): падоўжна-стругальныя, канта-стругальныя, фрэзерныя, даўбёжныя, балансіровачныя, шматаперацыйныя станкі, «апрацоўчыя цэнтры», дрэваапрацоўчыя і інш. Пастаўляе прадукцыю больш чым у 40 краін свету.

т. 10, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)